5 мая 2022 года для вучняў 9 класа ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” прайшла інфармацыйная гадзіна на тэму: “Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў”. У ходзе ШАГа 1 настаўнік гісторыі Мацюк Н.М. актуалізавала веды вучняў пра важнейшыя аперацыі войск Чырвонай Арміі і яе саюзнікаў у 1944-1945 гадах у Еўропе. Чырвоная Армія пазбавіла ад германскага рабства 11 краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы з насельніцтвам 113 мільёнаў чалавек. Сярод іх: Румынія, Балгарыя, Югаславія, Венгрыя, Аўстрыя, Чэхаславакія, Польшча і іншыя. Настаўнік акцэнтавала ўвагу вучняў на тым, што амаль без супраціўлення палі два саюзнікі Германіі: Румынія і Балгарыя. Сафія – сталіца Балгарыі – радасна сустракала савецкіх воінаў. Жорсткае супраціўленне аказала Венгрыя, Аднак самыя цяжкія баі разгарнуліся за Польшчу. За вызваленне гэтай краіны ад нямецка-фашысцкай акупацыі Савецкі Саюз заплаціў вялікую цану – загінула больш за 640 тысяч вайскоўцаў. Наогул, кожная атрыманая перамога каштавала вельмі дорага. У бітвах за свабоду і незалежнасць еўрапейскіх краін аддалі сваё жыццё каля мільёна савецкіх салдат і афіцэраў.
Разграміўшы нацысцкую Германію, Чырвоная Армія вызваліла і сам нямецкі народ ад фашысцкай няволі і садзейнічала вызваленню Францыі, Італіі і іншых краін Еўропы.
Пасля паражэння Германіі адбылася Патсдамская (Берлінская) канферэнцыя кіраўнікоў краін-пераможцаў: СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, на якой І.В.Сталін, Г.Трумэн, У.Чэрчыль пацвердзілі рашэнні Крымскай канферэнцыі. Была абмеркавана праблема пасляваеннага ўладкавання Германіі і прынята рашэнне аб яе дэмакратызацыі, дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі. На канферэнцыі быў створаны Міжнародны ваенны трыбунал для правядзення суда над нямецкімі ваеннымі злачынцамі.
2 верасня 1945 года Японія падпісала Акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Другая сусветная вайна скончылася.
У ходзе ШАГа 2 вучні актыўна абмяркоўвалі пачутае ў ШАГу 1. Яны выказвалі свае думкі і меркаванні наконт таго, што Перамога каштавала народам усяго свету вельмі дорага. Дзевяцікласнікі разважалі адносна адкрыцця Другога фронту саюзнікамі. Вучні выказалі меркаванне, што калі б Другі фронт быў адкрыты ў Еўропе саюзнікамі, ЗША і Вялікабрытаніяй, як планавалася ў 1942 годзе, то, магчыма, вайна скончылася б намнога раней і з меншымі чалавечымі ахвярамі. Таксама дзевяцікласнікі зрабілі выснову, што бамбардзіроўка японскіх гарадоў Хірасіма і Нагасакі не з’яўлялася неабходнасцю для разгрому Японіі. Гэта злачынства ЗША каштавала жыцця вялікай колькасці мірных жыхароў японскіх гарадоў.
У ходзе ШАГа 3 “Мы падводзім вынікі” вучні прыйшлі да высновы, што вайна, у любым яе праяўленні, калі гэта не апраўдана вызваленнем насельніцтва пэўнай краіны, нясе шмат бед людзям усяго свету. Дзевяцікласнікі падкрэслілі, што нам усім вельмі патрэбна захоўваць гістарычную памяць аб тых страшных падзеях 1939-1945 гадоў, каб не дапусціць новай сусветнай вайны.
Вучні нашай школы, члены клуба “ Пошук”, праводзяць вялікую пошукавую работу, збіраюць звесткі пра сваіх аднавяскоўцаў, якія ваявалі на франтах у час Вялікай Айчыннай вайны, захоўваюць памяць аб загінуўшых земляках: іх рукамі створаны стэнд ”Яны абаранялі родны край”, у альбоме з аднайменнай назвай захоўваюцца звесткі аб воінах-аднавяскоўцах, іх успаміны пра вайну. Вучні даглядаюць помнікі, з іх удзелам праводзяцца мітынгі, прысвечаныя памятным датам і Дню Перамогі. Школьнікі і настаўнікі, а таксама жыхары вёскі Грынкі свята захоўваюць памяць пра сваіх землякоў.