7 красавіка 2022 года для вучняў 9 класа ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” прайшла інфармацыйная гадзіна на тэму: “Савецкі тыл у гады вайны”
У ходзе ШАГа1 настаўнік гісторыі Мацюк Н.М. актуалізавала веды вучняў аб дзейнасці працаўнікоў савецкага тылу, якія забяспечвалі фронт усім неабходным: ваеннай тэхнікай, зброяй, адзеннем, прадуктамі харчавання. У кароткі тэрмін народная гаспадарка СССР была пераарыентавана на патрэбы фронту, і гэтая мера і база, якая была створана, садзейнічалі перамозе савецкага народа ў вайне.
Асаблівая ўвага школьнікаў была звернута на тое, што ўжо 30 чэрвеня 1941 года ЦК ВКП(б) і СНК СССР прынялі народна-гаспадарчы план на 3 квартал 1941 года, які прадугледжваў тэрміновую эвакуацыю насельніцтва, прадпрыемстваў і маёмасці з раёнаў, якім пагражала нямецкая акупацыя.
Намаганнямі савецкіх людзей Урал, Заходняя Сібір і Сярэдняя Азія былі пераўтвораны ў магутную ваенна-прамысловую базу, якая забяспячвала фронт танкамі, самалётамі, САУ.
Усе дасягненні савецкай эканомікі былі заснаваны на працоўным гераізме і мужнасці савецкіх людзей. Лозунг “ Усё для фронту, усё для перамогі над ворагам!” стаў усенародным. Вялікую ролю ў 1943 годзе адыгрывалі маладзёжныя брыгады за ўдасканаленне вытворчасці, выкананне і перавыкананне плана, за дасягненні высокіх вынікаў ва ўдасканальванні танкаў, зброі, самалётаў.
Вучні даведаліся пра дзейнасць беларускіх устаноў і арганізацый у савецкім тыле, пра культурнае і духоўнае жыццё ў савецкім тыле.
У ходзе ШАГа 2 вучні актыўна абмяркоўвалі інфармацыю ШАГа 1. Яны выказвалі свае думкі і меркаванні наконт таго, якую моцную і дасканалую зброю і ваенную тэхніку распрацоўвалі савецкія навукоўцы і канструктары.
Вучні былі ўражаны тым, якую ролю адыгрывалі танкі Т-34 у гады вайны, і словамі Гітлера:” Калі б мне было вядома аб такіх танках у рускіх, магчыма, я не пачаў бы гэтую вайну”.
Навучэнцаў уразіў подзвіг савецкага народа не толькі на франтах, але і ў тыле ворага, працоўны подзвіг людзей, якія працавалі ў вельмі цяжкіх умовах, не шкадуючы сваіх сіл і здароўя дзеля набліжэння перамогі.
Дзевяцікласнікі ўспомнілі імёны авіяканструктараў А.С.Якаўлева, С.А. Лавачкіна А.Н. Тупалева і іншых, стварыўшых новыя тыпы самалётаў, якія пераўзыходзілі нямецкія.
У ходзе ШАГа 3 “Мы падводзім вынікі” вучні прыйшлі да высновы, што толькі аб’яднаўшыся, згуртаваўшыся разам, не шкадуючы сваіх сіл, людзі ў тыле рабілі ўсё для таго, каб хутчэй перамагчы ворага, каб наблізіць Перамогу. І таму ўсе мы павінны ведаць пра гераізм савецкага народа і памятаць, якой цаной заваявана перамога.